Хейт у TikTok для Кацярыны, стваральніца майстэрні «Кроплі на далоні» @kropli.na.daloni з Менска, ператварыўся ў магчымасць стварыць тое, пра што яна даўно марыла. Яна расказала, як гэта здарылася.

Кацярына робіць ўпрыгожанні з бісеру і камянёў: завушніцы, бранзалеты і гарлачкі, спалучаючы іх з арнаментамі, што маюць беларускія карані.
«З самага пачатку я прытрымліваюся прынцыпу: чалавек купляе не проста выраб, а творчасць іншага чалавека», — падкрэслівае майстрыня. Кожны выраб для яе — гэта асобная гісторыя і канцэпцыя.
У сваіх сацсетках Кацярына распавяла, як хейт нечакана дапамог ёй атрымаць заказ, аб якім яна марыла.
Хейт у TikTok як пачатак новай гісторыі
«На даляглядах майго Pinterest час ад часу вынырваў адзін этнічны выраб з махрой. І я ўсё думала: вось бы нехта замовіў у мяне такое. І вось я сяджу, любуюся, мару… і тут — хейт! Хтосьці напісаў каментар пра маю беларускую мову:
“Нет, не дзякуй за мову. В основном аа… ыыы… перед тем как что-то сказать, явно не чистый носитель языка. Очень режет слух, неприятно. Я белоруска, не позорюсь, потому что гладко не получается”.

Я таксама не вытрымала і адказала — не са злосцю, а з гумарам:
“Ведаеце, за што я люблю такія каментары? Гэта тыя лімоны, з якіх лёгка зрабіць ліманад. Спадарыня Гладкая, у якой гладка не атрымліваецца. Я разумею, што маё валоданне мовай не ідэальнае. Але ў спробах штодзённага ўжывання мовы, як і ў практыцы бісерапляцення, я прытрымліваюся так званага накапляльнага эфекту Дарэна Хардзі: дзеянне кожны дзень паляпшае навык на 1%. То бок за год мой узровень мовы ці майстэрства ўмоўна становіцца лепшым на 365%”.
Ад негатыву да «замовы мары»

Гісторыю падхапілі беларускамоўныя паблікі ў TikTok, і разам з хваляй падтрымкі да Кацярыны звярнулася каманда падкаста «Умоўныя» з прапановай супрацоўніцтва. У яго межах яна змагла ўвасобіць у жыццё той самы выраб, які доўга заставаўся толькі ў закладках Pinterest.
Майстрыня робіць выснову: нават хейт можа стаць своеасаблівым мастом да мэты — галоўнае не згарнуцца, а працягваць ісці сваім шляхам.




