33-гадовая Іна працуе ў дзіцячым садку, але яе галоўнае хобі — стварэнне сувеніраў і парцалянавых лялек у нацыянальных строях. Без бізнес-плана і вялікіх укладанняў яна здолела данесці сваю любоў да беларускай культуры праз краму «Цудоўня» і сацыяльныя сеткі.
«Мяне завуць Іна, мне 33 гады, адукацыя вышэйшая мастацкая, ужо 6 гадоў працую ў дзіцячым садку», — распавядае майстар. Да сваёй справы яна прыйшла паступова, прыкладна паўтара года таму.

Іну заўсёды цікавіла беларуская культура і нацыянальныя строі. Менавіта гэта стала падставай для выбару напрамку. «Я пачала дзякуючы краме “Цудоўня” — проста раблю тое, што мне падабаецца», — прызнаецца яна.
Бізнес-плана на старце не было, як і асаблівага аналізу рынку. Усё пачалося натуральна — праз жаданне ствараць прыгожыя і аўтэнтычныя рэчы. Цяпер майстар працуе ў фармаце самазанятасці. На запуск пайшлі асабістыя сродкі: закупка тканіны, нітак, упакоўкі, а таксама выраб штампа для брэнда.

«Я больш раблю гэта для сябе, таму што мне гэта падабаецца», — кажа Іна. Таму пытанне акупнасці ці строгіх фінансавых планаў перад сабой яна не ставіла.



Асноўная асаблівасць яе брэнда — унікальнасць вырабаў. Гэта рушнікі-магніцікі і асабліва парцалянавыя лялькі ў строях розных рэгіёнаў Беларусі. Кожная лялька — гэта дакладная копія, якая перадае адметнасць і каларыт нацыянальнага адзення. Такія рэчы не толькі ўпрыгожваюць інтэр’ер, але і нясуць адукацыйную і культурную місію.
Аднак ёсць і цяжкасці. Найперш — гэта час. Асноўная праца ў дзіцячым садку забірае шмат сіл, таму ствараць атрымліваецца не заўсёды.
«Я раблю нешта не кожны месяц, але самы вялікі прыбытак у месяц быў 250–300 рублёў», — адзначае майстрыха.



За гэты час Іна зрабіла для сябе галоўную выснову: калі хочацца развіваць брэнд сур’ёзна, трэба адважыцца на змены. «Каб была магчымасць паўнавартасна працаваць над сваім брэндам, трэба звальняцца з працы», — прызнаецца яна.
Першыя пакупнікі з’явіліся дзякуючы «Цудоўні». Потым заказы пайшлі праз старонку ў Instagram. Сёння яе вырабы можна набыць як праз сацсеткі, так і ў краме.
Для Іны гэта не проста заробак, а важны крок да захавання і папулярызацыі беларускай спадчыны. Каб праз яе творчасць людзі яшчэ больш цікавіліся традыцыямі і адзеннем сваіх продкаў.
Яе лялькі і сувеніры — маленькія гісторыі, якія даносяць да людзей прыгажосць і глыбіню нашай культуры.
Парады для прасоўвання рамёстваў з нацыянальным каларытам



1. Супрацоўніцтва з турыстычнай індустрыяй
Гатэлі, аграсядзібы і турфірмы, якія робяць акцэнт на нацыянальнай ідэнтычнасці, могуць прадаваць сувеніры мясцовых майстроў. Гэта добра працуе для невялікіх вырабаў, лялек у строях і сувенірных набороў.
2. Карпаратыўныя падарункі
Кампаніі часта шукаюць арыгінальныя сувеніры для партнёраў і кліентаў. Творы з нацыянальным каларытам могуць быць цікавымі для такіх падарункаў. У гэтым выпадку можна літаральна абыйсці розныя прадпрыемствы і кампаніі і прапанаваць ім свой прадукт. Ці зрабіць тэлефанаванні і рассыланне прапаноў с прэзентацыяй вырабаў.
3. Продаж у розныя краіны
Майстры могуць прадаваць свае вырабы беларусам і аматарам беларускай культуры за мяжой, напрыклад праз сацыяльныя сеткі або лакальныя крамы, дзе пражываюць дыяспары.
4. Калабарацыі з іншымі рамеснікамі
Спалучэнне розных аўтарскіх вырабаў — лялек, керамікі, ювеліркі ці дэкору — дазваляе ствараць сумесныя калекцыі або тэматычныя «боксы». Гэта прыцягвае ўвагу і пашырае аўдыторыю.
5. Онлайн-курсы і майстар-класы
Калі прадаваць фізічныя вырабы цяжка, можна часткова пераключыцца на адукацыйны фармат: вучыць шыць строі, рабіць лялькі ці аксэсуары праз Zoom, Telegram або запісаныя відэа.
6. Лімітаваныя калекцыі да святаў
Стварэнне спецыяльных набораў да Калядаў, Вялікадня або Дня вышыванкі павышае цікавасць пакупнікоў і дае інфармацыйныя нагоды для прасоўвання.
7. Сувенірныя наборы для школ і гурткоў
Лялькі ў строях розных рэгіёнаў і іншыя вырабы могуць выкарыстоўвацца як наглядныя дапаможнікі на ўроках гісторыі і культуры, што адкрывае яшчэ адзін канал для продажу і папулярызацыі рамёстваў.




