Сучасныя беларускія майстры праз вышыўку, ткацтва, выцінанку і працу з саломай паказваюць, што традыцыі могуць жыць у новым фармаце. Іх творчасць — гэта шлях, якім народная спадчына арганічна пераходзіць у сучаснасць.
1. LUDVIKA: даследванне беларускіх арнаметаў

Творчая майстэрня LUDVIKA — гэта дэлікатнае і дакладнае даследаванне беларускай арнаментальнай культуры. Майстарка вывучае старажытныя сімвалы і арнаменты, вышывае дэкаратыўныя пано, мяшочкі, аксесуары і ўпрыгажэнні. Яе работа — гэта заўсёды пра сэнсы.
Падчас майстар-класаў аўтарка распавядае пра багатыя традыцыі арнаментальнага мастацтва, пра старажытныя ўзоры і сімвалы, пра закодаваныя ў іх значэнні і сэнсы, якія маюць вялікую сілу, а таксама пра тое, як спадчыну мудрых продкаў можна ўвасобіць у сучасных формах.
Saclateni.s працуе з традыцыйнымі беларускімі тэхнікамі: вышывае кашулі, тчэ паясы на бердзечку, стварае бранзалеты і галаўныя ўборы. Апошняя праца — калекцыя паясоў у колерах беларускай маляванкі, дзе народная эстэтыка перакладзена на тканіну праз колер, рытм і структуру арнаменту.
2. Pernikavy_taler: выцінанкі і пернікі

Алеся Талерчык з Віцебска працуе адразу ў двух кірунках: беларуская выцінанка і мядовыя пернікі з аўтэнтычным дэкорам.
Асновай яе творчасці застаецца выцінанка — выразанне сюжэтаў з паперы нажніцамі. Аўтарка падкрэслівае, што адзін і той жа сюжэт з нязменнымі персанажамі можа зайграць зусім рознымі гранямі, і менавіта ў гэтым праяўляецца яе прафесійнае майстэрства.
У аўтарскіх перніках ад @pernikavy_taler традыцыйныя элементы дэкору арганічна спалучаюцца з сучаснай падачай, утвараючы ўнікальны беларускі каларыт, які пазнаецца адразу — па дэлікатнасці ўзораў і выразнай нацыянальнай сімволіцы.
3. Solomagreen: салома і бяроста, напоўненыя святлом

Елена Грынь (solomagreen) працуе з саломай і бяростай, ствараючы пано, рамы, калядныя зоркі, лялькі і елачныя цацкі з традыцыйнымі беларускімі арнаментамі. Яна падкрэслівае, што ў гэтым матэрыяле так многа сілы, энергіі, цяпла і святла, і менавіта гэта натхняе яе на стварэнне новых формаў.
Асаблівую ўвагу яна надае вобразам, звязаным з беларускімі святамі і абрадамі: напрыклад, калядным цацкам у выглядзе маскі казы ці льва.
4. Оggicroch: лялькі ў строях беларускіх рэгіёнаў

Oggicroch (Вольга Юрьева) вяжа кручком лялькі ў традыцыйных строях розных рэгіёнаў Беларусі. Кожная лялька — гэта кампазіцыя з уласцівымі канкрэтнай мясцовасці элементамі: тканінамі, арнаментамі, галаўнымі ўборамі і дэталямі строю.
5. Kmit_art: міфалогія і традыцыйныя абярэгі ў сучасным выкананні

kmit_art стварае цацкі, натхнёныя беларускай міфалогіяй, лялькі-мотанкі з традыцыйнымі ўзорамі, а таксама інтэрпрэтуе старажытныя абярэгі, у тым ліку павукоў.
Павукі традыцыйна рабіліся з саломы і развешваліся пад столлю, каб лавіць усё кепскае — злые думкі, страшныя сны, хваробы, плёткі і няшчасці. Сёння творца выкарыстоўвае шклярус, пацеркі і лёску, але галоўная абярэжная функцыя застаецца нязменнай.




