У XVII стагоддзі ў невялікім мястэчку Любча на Нёмане працавала прыватная друкарня, якая друкавала кнігі на замову з розных гарадоў Вялікага Княства Літоўскага. Прычым яе ўладальнік не толькі выконваў чужыя замовы, але і за ўласныя грошы выдаваў кнігі на продаж — ад лячэбнікаў і зборнікаў прыказак да гістарычных твораў.

Прадпрыемства, заснаванае ў 1612 годзе, перажыло свайго стваральніка, змяніла некалькіх уладальнікаў і прапрацавала больш за сорак гадоў.
Як друкарня з’явілася ў Любчы
Любча — гарадскі пасёлак у Навагрудскім раёне Гродзенскай вобласці, на беразе Нёмана. На пачатку XVII стагоддзя мястэчка знаходзілася ў Вялікім Княстве Літоўскім, якое ўваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай, і належала Радзівілам.


Першым вядомым уладальнікам друкарні быў Пётр Бластус Кміта. Ён вучыўся друкарскай справе ў свайго цесця, віленскага друкара Яна Карцана. Пасля яго смерці Кміта, меркавана, атрымаў частку абсталявання і адкрыў уласную справу.
У 1612 годзе першыя вядомыя кнігі яго майстэрні выйшлі ўжо ў Любчы. Друкарні апекаваліся Радзівілы, якія належалі да кальвінісцкай плыні пратэстантызму. Яны дапамагалі Кміту атрымліваць замовы.

Але майстэрня не абмяжоўвалася абслугоўваннем Радзівілаў. Кміта арыентаваўся не толькі на апекуноў, але і на пакупнікоў.
Нягледзячы на сувязі з пратэстантамі, Кміта друкаваў кнігі і для каталікоў. Больш за тое, першым вядомым выданнем яго любчанскай друкарні ў 1612 годзе стаў каталіцкі твор Банавентуры «Шэсць серафімавых крылаў». Пазней тут выпускалі кнігі для кальвіністаў, лютэран, арыян і каталікоў.
Што друкавалі і на чым зараблялі
У XVII стагоддзі друкаваныя кнігі былі адным з найважнейшых спосабаў распаўсюджвання ведаў і ідэй паміж гарадамі і краінамі — падобна да таго, як сёння гэта робіць інтэрнэт. Але кніжны рынак быў значна меншы за сучасны: далёка не ўсе ўмелі чытаць, а купля кніг была даступная не кожнаму.
Рэлігійная літаратура складала значную частку працы друкарні. Замовы паступалі ад прапаведнікаў, царкоўных суполак і заможных апекуноў. Але Кміта таксама выдаваў свецкія кнігі, разлічваючы на шырэйшае кола пакупнікоў.
У 1617 годзе тут выйшаў польскі пераклад «Юдэйскай вайны» старажытнарымскага гісторыка Іосіфа Флавія, а ў 1618-м — зборнік Саламона Рысінскага, які змяшчаў 1800 польскіх прыказак. Апошняя кніга карысталася попытам: яе перавыдавалі ў 1621 і 1629 гадах.

У 1625 годзе друкарня выпусціла гістарычны твор Паўла Дземітровіча пра польскіх князёў і каралёў аб’ёмам 242 старонкі. Праз год тут надрукавалі «Генеалогію, або Кароткае апісанне вялікіх князёў літоўскіх».
Друкавалі таксама паэзію, медыцынскія даведнікі, календары і практычныя дапаможнікі па выбары, утрыманні і лячэнні коней.
Некаторыя кнігі Кміта фінансаваў сам. У прыватнасці, у 1616 і 1622 гадах ён выдаваў «Хатнія лекі». Такія выданні дапамагалі падтрымліваць даходы прадпрыемства нароўні з літаратурай, якую друкавалі на замову.
Да 1629 года майстэрня Кміты выпусціла каля пяцідзесяці назваў кніг, пераважна на польскай мове, але таксама і на лаціне. Друкарня магла выконваць і тэхнічна складаныя замовы — напрыклад, друкаваць зборнікі песень з нотамі.
Замовы з іншых гарадоў
Сярод заказчыкаў любчанскай друкарні былі аўтары і рэлігійныя дзеячы, звязаныя з Вільняй, Слуцкам і іншымі цэнтрамі ВКЛ. Пра дзелавыя сувязі Кміты сведчыць захаваная перапіска пісьменніка Саламона Рысінскага.
У лісце ад 18 сакавіка 1617 года Рысінскі раіў друкаваць падрыхтаваныя тэксты ў Любчы, бо быў незадаволены працай віленскага друкара. Такім чынам, майстэрня ў невялікім мястэчку магла канкураваць за замовы з друкарамі сталіцы ВКЛ.
У іншым лісце Рысінскі паведамляў, што Кміта прывёз у Вільню новыя кнігі пра выбар і ўтрыманне коней і пакінуў іх у яго для перадачы Радзівілу.

Тры ўладальнікі і канец прадпрыемства
Пасля смерці Пятра Бластуса Кміты, меркавана каля 1629 года, справу працягнуў яго сын Ян Даніэль Кміта. У гэты перыяд друкарня ўсё больш займалася рэлігійнымі і невялікімі заказнымі выданнямі.
З 1646 года на кнігах з’яўляецца імя новага кіраўніка — Яна Ланге. Пры ім зноў выходзілі вялікія рэлігійныя працы, а ў 1650-я гады — календары.
Паводле вопісу Любчы за 1651 год, у мястэчку жылі тры друкары і адзін вучань. У дакуменце таксама згадваліся два ўчасткі, адведзеныя пад друкарні.

Да сярэдзіны 1650-х гадоў праца любчанскай друкарні спынілася. Падчас вайны з Маскоўскай дзяржавай і эпідэміі 1655–1656 гадоў мястэчка было спустошана. Ранейшае выдавецкае прадпрыемства больш не аднавілася.
Сёння амаль паўсотні любчанскіх старадрукаў захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Польшчы. Падчас іх каталогізацыі даследчыкі выявілі кнігі, якія раней нават не былі ўлічаныя ў вядомых бібліяграфіях.
Кнігі ў ВКЛ былі не толькі прадметам рэлігійных спрэчак і навуковых заняткаў. Яны былі таварам, а іх вытворчасць — прыватнай справай, у якую ўкладалі грошы, для якой шукалі заказчыкаў і пакупнікоў.
І такі бізнес існаваў не ў сталіцы, а ў невялікім мястэчку на Нёмане.
Крыніцы і літаратура

- Халіна Хадурска. Piotr Blastus Kmita et consortes – przedsiębiorstwo z nieograniczoną odpowiedzialnością. Annales Universitatis Paedagogicae Cracoviensis, Studia Russologica II, 2009. С. 51–59.
- Марыёля Ярчыкова. Książka i literatura w kręgu Radziwiłłów birżańskich w pierwszej połowie XVII wieku. Katowice, 1995. С. 61–66.
- Генрык Віснер. Kilka uwag o drukarni w Kiejdanach i jej publikacjach. Czasy Nowożytne, 2000, т. 9–10, с. 79–87.
- Нацыянальная бібліятэка Польшчы. Starodruki oficyny w Lubczu (1612–1655) w zbiorach Biblioteki Narodowej. 16 мая 2023 года.




