Беларусы, якія свядома вывучаюць родную мову ў дарослым узросце, успрымаюць яе перш за ўсё як частку сваёй ідэнтычнасці, культурны код і нацыянальную каштоўнасць. Пры гэтым толькі 30,5% з іх размаўляюць па-беларуску практычна заўсёды.
Такія вынікі паказала апытанне 410 чалавек, праведзенае даследчыцай Палінай Маслянковай у красавіку 2025 года. Праца апублікаваная ў лютым 2026 года ў навуковым часопісе Acta Albaruthenica Варшаўскага ўніверсітэта.
Усе ўдзельнікі апытання актыўна вывучаюць беларускую мову самастойна або на курсах. 53,3% з іх жывуць у Беларусі, 24,1% — у Польшчы, 3,9% — у Літве. Самая шматлікая ўзроставая група — людзі ад 35 да 44 гадоў (44,5%).
Навошта беларусы вывучаюць родную мову
На пытанне, чым для іх з’яўляецца беларуская мова, удзельнікі апытання адказалі:
- культурны код — 86,6%;
- частка ідэнтычнасці — 85,6%;
- нацыянальная каштоўнасць — 85,1%;
- частка сябе як асобы — 72,2%;
- спадчына продкаў — 71,5%;
- нешта прыгожае і цікавае — 64,6%;
- сродак зносін — 55,1%;
- крыніца натхнення — 51%;
- унутраная апора — 33,4%.
Удзельнікі маглі выбраць некалькі варыянтаў адказу.
У асобным адкрытым пытанні даследчыца папрасіла растлумачыць, навошта ім патрэбная беларуская мова. Часцей за ўсё людзі казалі пра жаданне захаваць сваю ідэнтычнасць (262 згадкі), перадаць мову дзецям (44), адчуць сувязь са сваімі каранямі (42) і захаваць культурную спадчыну (34).
Пры гэтым беларусы за мяжой часцей гаварылі пра жаданне захаваць сувязь з радзімай і знайсці ўнутраную апору, а тыя, хто жыве ў Беларусі, — пра нацыянальную годнасць і імкненне перадаць мову дзецям.
Даследчыца таксама спытала, што адчуваюць людзі, калі чуюць беларускую мову ў грамадскіх месцах. Сярод найбольш распаўсюджаных эмоцый аказаліся радасць, гонар, павага, цеплыня і захапленне. Некаторыя прызнаваліся, што адчуваюць зайздрасць, бо самі хацелі б гэтак жа свабодна размаўляць па-беларуску.
Што перашкаджае перайсці на беларускую мову
Нягледзячы на цікавасць да мовы, далёка не ўсе ўдзельнікі апытання карыстаюцца ёй у штодзённых зносінах.
- Практычна заўсёды размаўляюць па-беларуску — 30,5%.
- Толькі з беларускамоўнымі людзьмі — 45,4%.
- Толькі з некаторымі людзьмі — 37,1%.
- Толькі ў сям’і — 20,5%.
- Толькі на занятках або ў клубах — 17,1%.
- Толькі на працы — 6,3%.
Тут таксама можна было выбраць некалькі варыянтаў адказу.
Галоўнай праблемай як у Беларусі, так і за мяжой аказалася адсутнасць беларускамоўнага асяроддзя. На другім месцы — недахоп якасных матэрыялаў на тэмы, якія цікавяць людзей, на трэцім — недахоп часу.
Тыя, хто жыве ў Беларусі, часцей баяцца зрабіць памылку, адчуваюць няўпэўненасць у сабе і сутыкаюцца з цяжкасцямі ў пераадоленні моўнага бар’ера.
89,8% удзельнікаў апытання ўдасканальваюць веданне мовы, чытаючы, слухаючы і праглядаючы беларускамоўныя матэрыялы. А 39,8% самі ствараюць такі кантэнт: пішуць вершы, вядуць блогі і YouTube-каналы.
Дарослым, якія вывучаюць беларускую мову, таксама не хапае якасных падручнікаў, мабільных праграм, анлайн-тэстаў і відэаўрокаў.




