Сярод беларускіх рамеснікаў і мастакоў нямала тых, хто не толькі стварае ўласныя працы, але і беражэ памяць пра свой край. Таму сёння мы адыходзім ад звыклага фармату і публікуем ліст чытачоў пра Ігара Адамавіча Ціткоўскага — мастака, краязнаўцу і чалавека, адданага Случчыне (старонка з Вікіпедыі аб ім).

Игорь Титковский, краевед Слуцка и исследователь наследия Случчины

Як патлумачыў чытач, 11 красавіка ў Слуцку пасля цяжкай хваробы памёр цікавы і талантлівы чалавек, мастак і краязнавец, Ігар Ціткоўскі, які зрабіў вельмі многа для захавання гістарычнай спадчыны Слуцкага раёну, ці, як называюць яго жыхары гэтага краю, Случчыны. Вось сам ліст:

Памяці нашага Адамавіча

“Калядзінскі вось не даў сумаваць – раблю некалькі малюнкаў для яго кнігі пра апошнія раскопкі ў Слуцку”, — у адной з нядаўніх апошніх размоваў пры яго жыцці казаў наш Адамавіч. Увесь час нашай супрацы і сяброўства са значна доўгай гісторыяй мы яго так і называлі.

А пачыналася наша супраца яшчэ ў часы Перабудовы. Пазнаёміліся мы з ім падчас першых дэмакратычных ініцыятываў канца 1980-ых – імі напоўнілася тады грамадскае і палітычнае жыццё Савецкай імперыі, што крыху пазней адыйшла ў гісторыю. Менавіта тады і атрымалася знаёмства з легендарнымі краязнаўцамі Случчыны: з патрыярхам гэтай справы Рыгорам Віктаравічам Родчанка і адносна маладымі яго аднадумцамі, сярод якіх быў і Ігар Адамавіч Ціткоўскі.

Нельга забыць уклад і намаганні Адамавіча ў тыя часы па дапамозе мясцовым дэпутатам у справе адраджэння сімволікі Случчыны, яго кантакты з гісторыкам Анатоліям Пятровічам Грыцкевічам, працу ў розных архівах. І рабілася ўсё гэта, як і мноства іншых грамадскіх ініцыятыў у тыя часы, на вялікім уласным энтузіязме.

Адамавіч быў поўнасцю адданы краязнаўству, вывучэнню гісторыі Случчыны, прафесійна займаўся мастацтвам і перадаваў свой багаты вопыт і веды навучэнцам Дзіцячай мастацкай школы. Ён нейкі час узначальваў гэту ўстанову, аднак яго больш захапляла не адміністрацыйная праца, а даследаванні, каб папрацаваць з новымі крыніцамі гістарычнай інфармацыі, сістэматызаваць і захаваць яе, дапамагчы як мага большаму колу людзей пазнаёміцца з багатай спадчынай Случчыны.

Як мастак,  Ігарь Ціткоўскі стаў аўтарам шматлікіх прац, якія з гістраычнай дакладнасцю адлюстроўвалі жыццё старажытнага Слуцка
Як мастак, Ігарь Ціткоўскі стаў аўтарам шматлікіх прац, якія з гістраычнай дакладнасцю адлюстроўвалі жыццё старажытнага Слуцка

Гэта імкненне пераклікалася з тым накірункам, які абрала новая рэгіянальная газета “Кур’ер”. Адамавіч стаяў у яе вытокаў, уваходзіў у рэдакцыйную калегію. Яго ўдзел значна павышаў узровень выдання, яго аўтарскія матэрыялы былі вельмі запатрабаваны чытацельскай аўдыторыяй. Яго падказкі на рэдакцыйных планёрках дапамагалі ўсяму калектыву адносіцца да працы больш адказна і прафесійна, як бы гэта банальна не гучала. Далей такая супраца дапамагла “Кур’еру” зрабіць яго аўтарскія спецвыпускі ў выглядзе асобных брашураў пра розныя накірункі гістарычнай спадчыны нашай Случчыны: пра помнікі архітэктуры, пра ўладароў краю з самых ранніх часоў, пра мастакоў, якіх падарыў гэты край нашай Айчыне і ўсяму свету.

Адамавіч пастаянна шукаў і знаходзіў новыя крыніцы інфармацыі, далей працаваў над гэтай тэматыкай, дапрацоўваў свае матэрыялы, якія, здавалася, ужо дасягнулі свайго дасканалага ўзроўню. Пазней усё гэта дапамагло пры падтрымцы мясцовых спонсараў перавыдаць спецвыпускі і атрымаць вельмі якасныя аўтарскія кнігі, якімі Случчына не мае права не ганарыцца. Ён з задавальненнем адклікаўся на ўдзел у арганізацыі і правядзенні цікавых ініцыятываў, паспяхова ўдзельнічаў сам у розных мастацкіх выставах і мерапрыемствах, дапамагаў гэта рабіць сваім сябрам і ўсім таленавітым людзям, падтрымліваў і ганарыўся іх поспехамі.

Адамавіч адрозніваўся асаблівай добразычлівасцю да людзей самых розных меркаванняў і поглядаў, умеў быць уважлівым і ўдзячным. Ён быў вельмі тактычным і ў той жа час пераканаўчым, калі даводзілася адстойваць сваю кропку гледжання. Ён не прывык жаліцца, працаваў вельмі многа, аднак умеў знаходзіць час і ў розных калектыўных мерапрыемствах. І ўсё ж напружанасць такой працы, мабыць, адбілася на яго здароўі: ён цяжка захварэў і змог пераўзыйсці толькі свой 70-гадовы юбілей.

Яшчэ за год да гэтага юбілею ў асабістых размовах ён са шкадаваннем адзначаў, што хвароба “падставіла падножку” мноству яго планаў, дзякаваў сястры за яе падтрымку, за яе ахвяраванні сямейнымі справамі і рэгулярнымі прыездамі да яго з няблізкага Санкт-Петэрбурга, за ўвагу сяброў і калег. Ён працягваў актыўную асветніцкую дзейнасць сваімі пастамі і каментарамі ў Фэйсбуку.

Вельмі шкада, што не стала на Случчыне такога Чалавека, бясконца самаадданага ёй, таго, хто ўнёс вялічэзны ўклад у захаванне спадчыны нашага краю. Цяжка сказаць, ці ўсё зрабілі мы, каб паспрыяць і дапамагчы гэтаму таленту ў свой час. Зараз мы заўсёды ўжо будзем у даўгу перад ім.

Няхай будзе добра нашаму Адамавічу ў другім Сусвеце – ён гэтага заслужыў.

Игорь Титковский, краевед Слуцка и исследователь наследия Случчины

Сейчас читают

Больше на XATA.news

Оформите подписку, чтобы продолжить чтение и получить доступ к полному архиву.

Читать дальше