Як Ганненскі кірмаш збіраў сотні купцоў, тысячы коней і на некалькі тыдняў змяняў жыццё ўсяго мястэчка
У канцы XVIII стагоддзя ў Зэльве было каля 147 двароў. Але штогод на чатыры тыдні сюды з’язджаліся сотні купцоў, рамеснікі і іншыя ўдзельнікі кірмашу, а ў наваколле прыганялі тысячы коней.
Маштаб добра бачны па звестках за 1786 год. Тады на Ганненскі кірмаш прыехала каля 500 гандляроў з Варшавы, Львова, Любліна, Кёнігсберга, Хоціна, а таксама з Расійскай і Асманскай імперый. Больш за дзвесце мураваных крамаў не маглі змясціць усе прывезеныя тавары.
Як невялікая Зэльва здолела стаць месцам такога гандлю?
Чаму ехалі менавіта ў Зэльву

Вялікі гандаль з’явіўся тут яшчэ да Сапегаў. У 1501 годзе тагачасная ўладальніца Зэльвы Ганна Іллініч атрымала ад караля Аляксандра Ягелончыка прывілей на правядзенне кірмашу. У XVII стагоддзі Зэльва ўжо была вядомая як гандлёвае мястэчка.
Новы этап пачаўся пры Сапегах. У 1720 годзе Антоні Казімір Сапега атрымаў новы каралеўскі прывілей на кірмашы і таргі, а з 1721 года вялікі штогадовы кірмаш стаў важнай часткай жыцця мястэчка. Ён працягваўся каля чатырох тыдняў. Назву «Ганненскі» звязвалі са святам святой Ганны, хоць канкрэтныя даты пачатку таргоў з часам мяняліся.
Росквіт прыпаў на другую палову XVIII стагоддзя, калі Зэльвай валодаў Аляксандр Сапега, канцлер Вялікага Княства Літоўскага.

Да таго часу Зэльва ўжо была ўключаная ў сетку буйных кірмашовых маршрутаў. Сюды везлі тканіны, футра, металічныя вырабы, прадметы побыту і іншыя тавары. Купцы прыязджалі з розных частак Рэчы Паспалітай, Прусіі, расійскіх і асманскіх земляў. Кірмаш звязваў мясцовы рынак з гандлем далёка за межамі самога мястэчка.
Але галоўным таварам Зэльвы сталі коні.
Тысячы коней

Падчас вялікіх кірмашоў іх прыганялі па некалькі тысяч. Адзін толькі табун Аляксандра Сапегі налічваў больш за тысячу англійскіх, турэцкіх, дацкіх і неапалітанскіх жарабцоў.
У 1786 годзе «Dziennik Handlowy» пісаў, што купцы, якія прыязджалі ў Зэльву, паводле значэння ставілі гэты кірмаш адразу пасля Лейпцыгскага. Адсюль і пайшло вядомае параўнанне двух кірмашоў.
Для гандлю коньмі месца было зручным. Вакол Зэльвы хапала лугоў і пашаў, побач цякла Зэльвянка. Некалькі тысяч жывёлін трэба было тыднямі дзесьці трымаць, карміць, паіць і паказваць пакупнікам.
Пазнейшыя дакументы сведчаць, што пашы самі сталі часткай кірмашовай эканомікі: за ўтрыманне на іх жывёлы бралі асобную плату.
Коней не проста выстаўлялі на продаж. Іх выводзілі, аб’язджалі і правяралі перад угодай. Таргі ішлі штодня, а разам з жывёлай у Зэльву прыязджалі прадаўцы, пакупнікі, конюхі і прыслуга.
На месяц змянялася ўся Зэльва

Вялікі кірмаш патрабаваў значна большага, чым проста гандлёвыя рады. Прыезджым патрэбныя былі пакоі, ежа, склады і месца для тавараў. Юльян Урсын Нямцэвіч, які пабываў тут падчас кірмашу ў 1819 годзе, пісаў, што знайсці вольны пакой было цяжка. У корчмах людзі спалі на падлозе, а тыя, каму не хапала месца, начавалі ў карэтах і на сенавалах.
На кірмаш прыязджалі і рамеснікі. Краўцы, шаўцы, гадзіннікавыя майстры, кушняры, пераплётчыкі, тачыльшчыкі і іншыя майстры маглі не толькі прадаваць гатовыя рэчы, але і выконваць заказы проста на месцы.
Працавалі трактиры і кавярні. Кірмаш прыцягваў тэатральных артыстаў, цыркачоў і музыкаў. Паводле даследавання гісторык Іны Соркінай, у адной з начных карчмаў танцы да раніцы суправаджаў аркестр з пятнаццаці скрыпачоў. У Зэльве дзейнічаў тэатр, а ўвечары ішлі спектаклі, ладзіліся танцы і іншыя забавы.
Таму гандаль даваў заробак значна шырэйшаму колу людзей, чым толькі ўладальнікам коней і купцам. Хтосьці здаваў памяшканні, хтосьці абслугоўваў прыезджых, хтосьці рамантаваў і вырабляў рэчы, хтосьці працаваў у трактырах і іншых установах. У нарысе «Jarmark Zelwiański», надрукаваным у Вільні ў 1843 годзе, жыццё Зэльвы апісалі коратка: адзінаццаць месяцаў мястэчка марнее і толькі адзін месяц жыве.
Кірмаш перажыў змену дзяржавы

У 1795 годзе Расія, Прусія і Аўстрыя канчаткова падзялілі Рэч Паспалітую. Зэльва ўвайшла ў склад Расійскай імперыі. Кірмаш працягваў працаваць.
Наступны сур’ёзны ўдар прыйшоўся на 1830–1831 гады. У Царстве Польскім пачалося паўстанне супраць улады Расійскай імперыі, якое распаўсюдзілася і на частку былых земляў Вялікага Княства Літоўскага. Уладальнік Зэльвы Яўстафій Каэтан Сапега ўдзельнічаў у ім на баку паўстанцаў. Пасля паразы паўстання расійскія ўлады канфіскавалі яго ўладанні, у тым ліку Зэльву. Але і пасля гэтага вялікі гандаль не знік.
У 1849 годзе месячны абарот Зэльвенскага кірмашу перавышаў 1,4 мільёна срэбных рублёў. У наступныя гады ён скараціўся прыкладна ўдвая — да крыху больш як 720 тысяч рублёў — і да ранейшага ўзроўню ўжо не вярнуўся.
Якім быў кірмаш ужо пасля росквіту



Дакументы 1850–1860-х гадоў дазваляюць падрабязна ўбачыць кірмаш ужо тады, калі яго найлепшыя часы засталіся ў мінулым.
У 1857 годзе кірмаш на шэсць гадоў перадалі ў арэнду гродзенскаму купцу. Дамова пералічвала, на чым зарабляў кірмаш: купцы арандавалі крамы, плацілі за ўзважванне тавараў і пашы для жывёлы. Працавалі сталовыя і кавярні, прадаваліся напоі.
Гандаль па-ранейшаму заставаўся вялікім. У Зэльву везлі тканіны, адзенне, футра, металічныя вырабы, фарфор, фаянс, крышталь, люстэркі, кнігі, бакалейныя тавары. Купцы прыязджалі з розных губерняў Расійскай імперыі і Царства Польскага.
Коньмі таксама працягвалі гандляваць, хоць кірмаш ужо прыкметна адрозніваўся ад часоў Аляксандра Сапегі. У 1859 годзе пародзістых коней з адной валынскай партыі ацэньвалі ў сярэднім у 400 рублёў за галаву, тады як іншыя прадаваліся прыкладна за 40–200 рублёў. Розніца магла даходзіць да дзесяці разоў.
Чаму кірмаш пачаў губляць значэнне

У другой палове XIX стагоддзя мяняўся сам спосаб гандлю. У гарадах і мястэчках станавілася больш пастаянных крамаў, развіваліся рэгулярныя аднадзённыя рынкі. Усё больш тавараў можна было набыць на працягу года, не чакаючы наступнага вялікага штогадовага кірмашу.
Адначасова чыгункі мянялі старыя гандлёвыя маршруты. Зэльва апынулася далёка ад ліній Масква — Брэст і Пецярбург — Варшава, і частка таварных патокаў пайшла іншымі шляхамі.
Мяняўся і склад самога кірмашу. Яшчэ ў 1830–1840-я гады сюды прыязджалі купцы з Аўстрыі, Прусіі і іншых еўрапейскіх краін. А ўжо ў дакументах 1850–1860-х замежныя гандляры амаль не сустракаюцца. Зэльва паступова ператварылася з міжнароднага гандлёвага цэнтра ў рэгіянальны кірмаш.
У 1863 годзе ён увогуле не адбыўся. У гэты час на землях былой Рэчы Паспалітай ішло новае паўстанне супраць Расійскай імперыі — Студзеньскае паўстанне 1863–1864 гадоў, якое ахапіла ў тым ліку тэрыторыі сучасных Беларусі і Літвы.
Пасля яго гандаль працягнуўся, але ранейшага маштабу Зэльва ўжо не вярнула.
Да 1890 года Ганненскі кірмаш, паводле афіцыйнага агляду Гродзенскай губерні, ужо «даўно страціў сваё значэнне». Ад яго застаўся больш ажыўлены нядзельны гандаль коньмі, буйной рагатай жывёлай і сельскагаспадарчымі таварамі.
Пасляслоўе

Зэльва ніколі не станавілася вялікім горадам. Ды ёй гэта і не было патрэбна. Яе галоўная перавага была ў іншым: раз на год тут было выгадна сустрэцца вялікай колькасці прадаўцоў і пакупнікоў.
Вакол гэтай сустрэчы і вырасла мясцовая эканоміка. Тысячам коней патрэбныя былі пашы і догляд. Купцам — крамы, склады і жыллё. Прыезджым — ежа і забавы. Рамеснікі атрымлівалі заказы. Некалькі тыдняў гандлю давалі працу мноству людзей, якія самі не гандлявалі ні коньмі, ні вялікімі партыямі тавараў.
Гісторыя Ганненскага кірмашу — не толькі пра купцоў і знакамітыя конныя таргі. Яна паказвае, як невялікае мястэчка магло зарабляць дзякуючы свайму месцу ў вялікім гандлі. А калі прадаўцам і пакупнікам ужо не трэба было раз на год сустракацца менавіта тут, разам з вялікім кірмашом пачала знікаць і эканоміка, якая вакол яго вырасла.
З 2012 года Ганненскі кірмаш штогод праводзяць ужо як культурнае свята ў памяць пра часы, калі шляхі вялікага еўрапейскага гандлю сыходзіліся ў маленькай Зэльве.
Крыніцы і літаратура

- Barbara Grochulska. Jarmarki w handlu polskim w drugiej połowie XVIII wieku // Przegląd Historyczny. 1973. T. 64, nr 4. S. 793–821.
- Гресь С. М. Анализ товарных групп, привезённых на Зельвенскую ярмарку в 1856–1863 годах. 2014.
- Соркіна І. Святочная культура мястэчак Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. // Джерела локальної історії. Кіеў, 2013. С. 153–172.
- Jarmark Zelwiański // Athenaeum. 1843. T. 4.
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Артыкул «Zelwa».
- Wirtualny Sztetl. Zelwa — historia miejscowości. POLIN Museum of the History of Polish Jews.
- Матэрыял па гісторыі Зэльвы, заснаваны ў тым ліку на працы Józefa Jodkowskiego «O dawnych jarmarkach w Zelwie i Grodnie».




