Брэнды гарадоў не ўзнікаюць самі па сабе. Іх ствараюць жыхары — прыдумляюць, вырабляюць і прадаюць. Слуцк праславіўся не толькі знакамітымі паясамі. У XIX — пачатку XX стагоддзя ў горада быў яшчэ адзін вядомы за межамі краю тавар — груша «Бэра слуцкая». Яе вывозілі на рынкі іншых рэгіёнаў і буйных гарадоў, а паводле звестак краязнаўцаў, больш за сто гадоў таму яна трапляла і ў Амерыку.

Ілюстрацыйная выява.
Alexandrine Douillard
Паводле даных, якія прыводзяць слуцкія краязнаўцы са спасылкай на дарэвалюцыйную статыстыку, напярэдадні Першай сусветнай вайны са Случчыны штогод вывозілі садавіны больш чым на 25 000 залатых рублёў. Паводле сучаснага кошту золата гэта каля $2,6 млн. Значную частку гандлю складала менавіта слуцкая бэра.


У кнізе «Яўрэйскі Слуцк — зямны і нябесны» (калектыўная праца сотняў жыхароў горада, якія эмігравалі) аўтары ўспамінаў падрабязна апісалі, як у верасні ўвесь Слуцк пах спелымі грушамі, яблычнай лупінай і свежай асінавай стружкай, у якую пакавалі плады, як на вуліцах стаялі вялізныя вазы з «бэрай», а ў купецкіх крамах кругласутачна сартавалі садавіну.
Пра паходжанне сорту пісаў слуцкі краязнавец Ігар Ціткоўскі. Ён мяркуе, што бэру маглі вывесці манахі-бернардзінцы, якія мелі тут вялікі сад. Яны прыбылі ў Слуцк з Нясвіжа яшчэ ў 1661 годзе і займаліся ў тым ліку садоўніцтвам. Характэрна, што бэра была шырока распаўсюджаная і на Нясвіжчыне.



У знойдзеных Ціткоўскім успамінах пра Слуцк першай паловы XIX стагоддзя згадваюцца знакамітыя грушы каля бернардзінскага кляштара, якія мясцовыя жыхары называлі «бернардынкамі».
Куды везлі слуцкія грушы

Ілюстрацыйная выява.
Такім чынам, грушы на Случчыне вырошчвалі задоўга да таго, як яны сталі вядомым гандлёвым таварам. У другой палове XIX стагоддзя тут пачало развівацца прамысловае садоўніцтва: ураджай усё часцей вырошчвалі на продаж, а чыгунка адкрыла доступ да далёкіх рынкаў. Слуцкая бэра добра падыходзіла для такога гандлю: плады выспявалі ў пачатку кастрычніка, вытрымлівалі перавозку і маглі захоўвацца месяцамі.
Увосень ураджай везлі коннымі абозамі да Мінска, адкуль па чыгунцы адпраўлялі на далёкія рынкі — у тым ліку ў Маскву і Пецярбург.
Слуцкая бэра лічылася дарагім таварам. У нарысе Уладзіміра Будзіміра «Случчына» прыводзіцца гісторыя случчаніна, які ў Пецярбургу зайшоў у фруктовую краму на Неўскім праспекце і ўбачыў на вітрыне грушы з роднага горада. За два фунты слуцкай бэры яму давялося заплаціць удвая больш, чым каштавалі найлепшыя крымскія грушы.

Ілюстрацыйная выява.
Пра гандаль слуцкай бэрай з Амерыкай пісаў краязнавец Рыгор Родчанка. У кнізе «Альгерд Абуховіч-Бандынэлі» ён расказвае пра француза Перэля, які пасяліўся ў Слуцку, выкладаў французскую мову, а потым заняўся садоўніцтвам. У апошняй чвэрці XIX стагоддзя Перэль засадзіў мясцовай бэрай больш за дзесяціну зямлі, разлічваючы зарабіць на яе продажы за акіянам. Сяргей Багдашич і Ігар Ціткоўскі мяркуюць, што пастаўкі маглі ісці праз балтыйскія парты.
Хто зарабляў на грушах

Ілюстрацыйная выява
Да канца XIX стагоддзя прамысловае садоўніцтва на Случчыне было асабліва развітае ў памешчыцкіх маёнтках. Уладальнікі нярэдка здавалі сады гандлярам у арэнду, а тыя арганізоўвалі збор ураджаю, перавозку і продаж. Свае сады мелі і сяляне. «Памятная кніжка Мінскай губерні на 1915 год» адзначала, што менавіта ў Слуцкім павеце садоўніцтва атрымала найбольшае распаўсюджанне.




На гандлі грушамі зараблялі і людзі без уласных садоў. Ураджай трэба было акуратна сабраць, перабраць і запакаваць для далёкай дарогі. Патрэбныя былі работнікі ў садах, сартавальнікі, сталяры для вырабу драўлянай тары, фурманы.
Колькі каштавала слуцкая бэра

Ілюстрацыйная выява.
У пачатку XX стагоддзя цэны на слуцкую бэру (калі перавесці пуды і фунты ў кілаграмы):
- Пры закупцы ў вытворцаў (пры фарміраванні партый на чыгуначных станцыях) — каля 6–7 капеек за кілаграм.
- У пецярбургскай краме — каля 0,73–1,22 рубля за кілаграм.
Такім чынам, рознічная цана магла перавышаць закупачную ў 10–20 разоў.
Для даведкі: 50 капеек — гэта дзённы заробак кваліфікаванага пецярбургскага рабочага або ткача ў тыя гады.
Што стала са слуцкім грушавым бізнесам
Першая сусветная вайна нанесла першы ўдар па «грушавых» заробках. Пасля Грамадзянскай вайны, у гады НЭПа, гандаль на Случчыне часткова ажыў. Сяляне-аднаасобнікі і гандляры, якія здолелі захаваць сваю справу, зноў маглі вазіць бэру на рынкі Мінска, Гомеля, Бабруйска.
Але ў канцы 1920-х гадоў пачалася калектывізацыя. Сялян заганялі ў калгасы, памешчыцкіх маёнткаў ужо не існавала, прыватны гандаль усё мацней абмяжоўвалі. Ранейшы бізнес, у якім адны вырошчвалі грушы, другія арандавалі сады, збіралі ўраджай і везлі яго пакупнікам, паступова знік.
Сам сорт працягвалі вырошчваць. У савецкім «Даведніку садоўніка» 1967 года Бэра слуцкая ўваходзіла ў лік асноўных сартоў, рэкамендаваных для новых калгасных і саўгасных садоў у шэрагу раёнаў Беларусі.



У кнізе «Груша ў Беларусі» даследчык Генадзь Рылаў апісаў 35 дрэў слуцкай бэры ва ўзросце 120–150 гадоў, знойдзеных у адной з гаспадарак Случчыны. Некаторыя дасягалі 20 метраў у вышыню і давалі да 500 кілаграмаў пладоў.
У 2000-я гады супрацоўнікі Слуцкага эколага-біялагічнага цэнтра адшукалі і апісалі 16 дрэў бэры ў дварах гараджан. Яны спрабавалі адрадзіць сорт і звярнуліся па дапамогу ў садаводчы гадавальнік у Самахвалавічах. Але спецыялісты спаслаліся на ўразлівасць бэры да паршы і параілі вырошчваць больш перспектыўныя сарты.

Калісьці слуцкую бэру везлі за сотні кіламетраў і прадавалі даражэй за крымскія грушы. Праз стагоддзе давялося думаць ужо пра тое, як захаваць сам сорт.
Крыніцы і літаратура
- Багдашич С., Ціткоўскі І., Дастанка А. «Знаменитые слуцкие бэры спорили с райскими плодами». «ІК», 2007, № 44. Перадрук: «З гісторыі славутай слуцкай бэры».
- Будзімір У. «Случчына». Часопіс «Спадчына», 1998, № 5.
- Родчанка Р. «Альгерд Абуховіч-Бандынэлі. Нарыс жыцця і творчасці». Мінск, 1984.
- Рылаў Г. П. «Груша ў Беларусі». Мінск, 1991.
- «Памалогія БССР. Атлас пладоў грушы». Мінск, 1975.
- Смоліч А. «Географія Беларусі». 1919. Раздзел «Заняткі насяленьня Беларусі».
- Бродскі В. В. і інш. «Справочник садовода». 1967.
- Маліноўскі М. «Как слуцкая бэра завоёвывала Америку». Газета «Белорусское время», 1996, № 10.
- B. J. K. «Успаміны пра Слуцк» (Wspomnienia o Słucku). Гнезна, 1905.
- «Аб стане садоўніцтва ў Мінскай губерні» (1914) // «Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі (1900–1917 гг.)». Т. III. Мінск, 1953.
- Карнілава Л. А. «Бернардзінцы» // «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі».




