Алену Сераду беларускі TikTok і Instagram ведае як Алену Браніславаўну. Жанчына трымае сваю харчэўню, вядзе блог і адраджае беларускую культуру і нацыянальную кухню (без дранікаў!).

Вось якую інфармацыю мы знайшлі пра кулінарку ў розных крыніцах.

Не было б шчасця…

Да любімай справы Алену Браніславаўну падштурхнула няшчасце. Раней яна працавала майстрам на кансервавым заводзе ў даволі цяжкіх умовах. І вось захварэла на рак.

Прайшоўшы лячэнне, жанчына больш не змагла працаваць на заводзе і вырашыла займацца тым, што ёй заўсёды падабалася, — гатаваць.

І для гасцей, і для сям’і

Сваю харчэўню беларускай кухні «Палюшкі» Алена Серада адкрыла, калі ёй было 52 гады. Харчэўня размяшчаецца каля дома Алены Браніславаўны і яе мужа, у будынку старой летняй кухні. Тут паставілі вялікую печ, у якой кулінарка гатуе ўсе стравы для гасцей і для сваёй сям’і. А працэс паказвае ў сацсетках, дзе ў гаспадыні больш за 160 000 падпісчыкаў.

І кухня, і музей

У харчэўні можна не толькі пачаставацца, але і пагаманіць з гаспадыняй, паваляцца на печы і наогул правесці час, нібы ў бабулі на вёсцы. У інтэр’еры ёсць вельмі старыя рэчы. Напрыклад, калаўрот, які перадаваўся з пакалення ў пакаленне. Таму харчэўню можна разглядаць і як маленькі музей.

Наеліся і дамоў забралі

Гаспадыня прымае гасцей па запісу, адну кампанію ў адзін дзень. Кошты ў яе адносна невысокія, прыкладна як у правінцыяльным рэстаране.

Адна з наведвальніц расказала, што за пяць дарослых і дзвух дзяцей яны аддалі ў харчэўні 230 рублёў, прычым наеліся ўсе вельмі шчыльна і яшчэ забралі дадому ежу, якую даядалі наступны дзень.

І без дранікаў смачна

Што тычыцца складу страў, усе інгрыдыенты — свойскія. Асартымент жа хутка не пералічыш. Супы жур і крупеня, баршчы, верашчака, зацірка, мачанка з блінамі, рыба ў самых розных выглядах, галушкі, пірагі і булкі — і гэта толькі частка меню «Палюшак».

Алена Браніславаўна сцвярджае і даказвае сваёй справай, што беларусы — гэта ніякія не бульбашы. А акрамя дранікаў у нашай кухні ёсць безліч смачных страў.

Сейчас читают

Больше на XATA.news

Оформите подписку, чтобы продолжить чтение и получить доступ к полному архиву.

Читать дальше